Дом, дзе пахла свежым хлебам: пякарская гісторыя дома Раўтэнбергаў у Гродне
Дом на сучаснай Савецкай вуліцы, 7 выглядае як адзін з шэрагу гістарычнай забудовы вуліцы старога горада. Напрыканцы XVIII стагоддзя на яго месцы знаходзіўся сціплы драўляны дворык з мураванымі сутарэннямі. Яго ўладальнікам быў літоўскі канюшы Дамінік Александровіч — прадстаўнік старой шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Дом на вул. Савецкай, 7 выдзелены чырвоным колерам. Паштоўка канца ХІХ ст. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ У 1794 годзе, калі на землях былой Рэчы Паспалітай яшчэ грымела паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, сядзібу набыў гродзенскі пекар нямецкага паходжання Ян Крыштоф Раўтэнберг. Менавіта Раўтэнберг паміж 1795 і 1811 гадамі на старых падмурках узвёў мураваны двухпавярховы дом, які стаў не толькі жыллём сям'і, але і цэнтрам іх прадпрымальніцкай дзейнасці. Хлебная імперыя ў цэнтры Гродна Каб зразумець атмасферу гэтага дома, трэба ўявіць начны горад. Калі на вуліцах Гродна панавала поўная цемра і цішыня, у доме Раўтэнберга кіпела праца. Яшчэ задоўга да перш...