Ад "Выгоды" да крамы "Цацкі": як двухсотгадовая карчма прайграла бой савецкаму мадэрнізму

 

На скрыжаванні сучасных гродзенскіх вуліц Ажэшкі, Гараднічанскай і Сацыялістычнай больш за два стагоддзі стаяла карчма. Яна памятала шляхту, якая прымала ўдзел у соймах Рэчы Паспалітай, напалеонаўскіх афіцэраў, расійскіх чыноўнікаў, польскіх афіцэраў і савецкіх пакупнікоў. Сёння на яе месцы ўзвышаецца шэрая махіна аблвыканкама, але памяць пра легендарную карчму, якую знеслі ў 1978 годзе, да гэтага часу захапляе гісторыкаў і гараджан.


Элітная «Выгода» з сумным фіналам

Усё пачалося ў 1765 годзе, калі на тагачаснай ускраіне Гродна заснавалі дзяржаўную карчму і заезны двор. Першапачаткова праект быў шыкоўным: мураваны двухпавярховы будынак на восем камфартабельных пакояў для гасцей, прасторная стайня і глыбокія скляпы для найлепшых напояў. У дакументах эпохі Антонія Тызенгаўза гэты комплекс ганарліва зваўся «Выгода». Аднак гісторыя любіць іронію. У самым пачатку XIX стагоддзя хтосьці з месцічаў паўжартам празваў гасцініцу «Нэндза», так гэтая назва і прыжылася.


Карчма "Нэндза". Абмерны малюнак пачатку ХІХ ст.


Падчас вайны з Напалеонам над будынкам разгарэлася сапраўдная ваенная драма. У 1812 года палкоўнік польскай арміі Ляхніцкі загадаў зняць з даху карчмы ўсю дахоўку, каб тэрмінова адрамантаваць вайсковы склад. Пакінуты без даху будынак пачаў працякаць, гніць і літаральна за некалькі гадоў ператварыўся ў аварыйныя руіны. Фактычна знешні выгляд цалкам адпавядаў назве будынка. Магістрат нават хацеў аддаць будынак пад парахавы склад вайскоўцам, але ў выніку прадалі будынак прыватнікам — сям'і Сядлецкіх, якія вярнулі яго да жыцця.



Карчма (паводле архіўных дакументаў — "дом Сядлецкіх") на плане 1833 г. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ


Губернскі «вулей»

Перажыўшы разбурэнні, былая карчма пачала расці і змяняцца. На месцы драўлянай стайні выраслі новыя мураваныя крылы, а пасля катастрафічнага пажару 1885 года будынак набыў свой знакаміты выгляд з характэрным зрэзаным вуглом, які пазней трапіў на выявы многіх паштовак.



Будынак былой карчмы бачны на дальнім плане. Фота канца ХІХ ст.


Будынак ператварыўся ў сапраўдны сацыяльна-эканамічны цэнтр губернскага горада. Што тут толькі не размяшчалася:

• Казённая і кантрольная палаты, дзе лічылі дзяржаўныя грошы.

• Банкі і Таварыства ўзаемнага крэдыту.

• Знакамітая фотамайстэрня Краўзэля і літаграфія Памеранскага.

• Вінныя лаўкі, кнігарні і нават прыватныя кабінеты адвакатаў.

У міжваенныя гады (1920–1930-я) будынак стаў яшчэ больш папулярным. Тут знайшлі сабе месца і суровыя вайскоўцы з штаба 29-й пяхотнай дывізіі польскага войска, і багема, якая збіралася ў модных рэстаранах «Jar» і «Пад зоркаю» альбо забягала на каву ў знакамітую кандытарскую «Ziemiańska».


Будынак былой карчмы на аэрафотаздымку 1941 г. У канцы ХІХ ст. гэта быў цэлы комплекс адміністрацыйных будынкаў. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ



Будынак у 1950-я. З правага боку ён выходзіў на вул. Гараднічанскую. Цяпер тут суцэльны прамежак вул. Ажэшкі. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ


Савецкі побыт і фінальны акорд

Пасля Другой сусветнай вайны будынак зноў апрануў афіцыйны «мундыр». У розныя часы тут гаспадарылі гарвыканкам, аддзелы адукацыі і сацыяльнага забеспячэння, а таксама ўпраўленне галоўнага архітэктара горада. Звычайныя савецкія гродзенцы ішлі сюды па іншых прычынах: для адных гэта была папулярная афіцэрская сталовая, для іншых — любімая крама «Детские игрушки».



Будынак у пачатку 1970-х. З боку вул. Сацыялістычнай уздымаецца вялізны двухпавярховы аб’ём, узведзены ў канцы ХІХ ст. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ

Будынак у пачатку 1970-х. Якасць выявы палепшана пры дапамозе ШІ


Канец гэтай 220-гадовай гісторыі наступіў раптоўна і бязлітасна. У канцы 1970-х гадоў савецкае кіраўніцтва вырашыла пашырыць плошчу аблвыканкама. Замест таго, каб інтэграваць унікальны помнік архітэктуры ў новы праект, у 1978 годзе былую карчму проста знеслі, а на яе месцы залілі бетон левага крыла новай дзевяціпавярхоўкі.



Будынак у 1970-я. З правага боку відаць дзевяціпавярховік аблвыканкама


Гродна страціў унікальнага сведку эпох. Будынак, які пачынаў як прытулак для каралеўскіх гасцей, ператварыўся ў народную «Нэндзу» і знік пад ціскам савецкага мадэрнізму, пакінуўшы пасля сябе толькі настальгічныя чорна-белыя здымкі.


Komentarze

Popularne posty z tego bloga

Дом, дзе пахла свежым хлебам: пякарская гісторыя дома Раўтэнбергаў у Гродне

Дванаццаць алтароў Фары Вітаўта